Главная Пресса О Лявонах

О Лявонах

медиа - пресса

http://lyavony.forum2x2.ru/forum-f4/tema-t67.htm

Лепшы падарунак? Беларускі хлеб!

“Лявоны” ў стэрэа і мона

 

/i/content/pi/cult/288/4698/14-1.jpg

У святочнай праграме "Дажынак" - сольны канцэрт фолк-рок-гурта "Лявоны". "Што за дзіва!" - схавае хітрынку на вуснах хтосьці. А ўсё таму, што гурт, замацаваўшы ў 2009-м новы склад, па Беларусі пакуль амаль не гастраляваў. Але ж назва ў яго і сапраўды славутая! Прыхільнікі творчасці Уладзіміра Мулявіна адразу згадаюць той ансамбль, што даў нараджэнне "Песнярам". Калі ў 1969 годзе мулявінскія хлопцы ехалі на конкурс у Маскву, называць іх "Лявонамі" падалося несалідным: маўляў, балагуры нейкія, дый толькі. Стаўшы "Песнярамі", яны перамаглі на тым спаборніцтве - і засталіся знітаванымі з "пяснярствам" назаўжды. Але Уладзімір Георгіевіч не забыўся на колішні эксперыментальны "лявонаўскі" перыяд і ў 1995-м з'яднаў вакол сябе творчую моладзь, стварыўшы з яе "сыноўні" калектыў. Праз тры гады новыя "Лявоны" ўліліся ў асноўны склад "Песняроў".

А летась трое тых "лявона-песняроўцаў" - Сяргей Мядзведзеў, Алег Усціновіч і Сяргей Осіпаў - знайшлі аднадумцаў. На сёння ў калектыве, акрамя іх, яшчэ Ян Жанчак, Павел Хасанаў і Юрый Рудакоўскі. Арт-дырэктарам гурта стала Марына Мулявіна- дачка Вялікага Песняра. За плячыма ансамбля - кампакт "Гісторыя працягваецца...", шматлікія гастролі па Расіі, Украіне, Казахстане. А песень - яшчэ на два альбомы, адзін з якіх плануецца выпусціць ужо ў кастрычніку. Праца ў "Лявонаў" над ім папраўдзе кіпіць. Ледзь не ўвесь дзень хлопцы правялі ў студыі, і нават на нашу сустрэчу "вырваліся" толькі ўдвух, пакінуўшы астатніх "дапрацоўваць".

- Што павезяце на "Дажынкі"?

Сяргей Мядзведзеў: - Песні з усіх трох нашых праграм. Галоўнае, каб сольнік атрымаўся добрым па настроі, бо на такім свяце, як гэта, трэба пасылаць у залу выключна пазітыўныя імпульсы. Ёсць у нас і песня "Дайнова" (дарэчы, цалкам наша - Сяргея Осіпава на словы Алега Усціновіча): на Лідчыне сустракаюцца паселішчы з падобнымі назвамі, наўпрост звязанымі з іх этнічным паходжаннем. Узнікла і песня пра Грунвальдскую бітву.

Алег Усціновіч: - Ты не сказаў пра новыя сцэнічныя строі - вельмі прыгожыя! Дапамог у гэтым Барысаўскі мясакамбінат. Увогуле ж, можна сказаць, з Ліды пачынаецца наш вялікі гастрольны тур па Беларусі.

- Няўжо раней у Лідзе ніколі не былі? У кожнага з вас багатае канцэртнае мінулае, прычым у складзе розных калектываў.

А.У.: - Упершыню я быў у Лідзе 12 гадоў таму - разам з Віктарам Вуячычам. Цікава будзе паглядзець, як змяніўся горад.

- А як змяніліся самі "Лявоны", з'явіўшыся на нашым эстрадным небасхіле ўжо трэці раз? Пытаюся пра гэта яшчэ і таму, што многія вашы новыя песні- бы знойдзеная ў архівах, раней не вядомая творчасць ранніх "Песняроў", толькі з іншымі аранжыроўкамі і выканаўцамі. Вы свядома абралі такі кірунак, на якім трымаліся мулявінскія "Лявоны"? Спалучэнне фолка з рокам, прычым пад знакам здаровай іроніі,- бы адраджэнне таго маладога Мулявіна, якому яшчэ не ўласцівы баладны трагізм лучанкоўскага "Гусляра", драматычная канцэпцыйнасць цыкла "Праз усю вайну", светлая лірыка многіх пазнейшых песень.

А.У.: - Заявіўшы, што ў "Лявонаў" сапраўды "Гісторыя працягваецца", мы імкнуліся не проста да пачатку гэтага калектыву, але і, шырэй, да саміх народнапесенных вытокаў. Штосьці падобнае задумвалася яшчэ з Мулявіным: менавіта ён прапанаваў нам у сярэдзіне 1990-х стварыць новае гучанне старых песень. І не проста новае, а яшчэ і абавязкова сугучнае. Прычым не толькі сучаснасці, але і таму часу, калі песні ствараліся. Увогуле ж, "Лявоны" пачыналіся ў канцы 1960-х з эксперымента. Гэта была творчая лабараторыя, што падпітвалася, з аднаго боку, нацыянальнай народна-песеннай традыцыяй, з іншага ж- самім кантэкстам культуры тых гадоў, адкрытай найноўшым заходнім тэндэнцыям. І нам хацелася працягнуць гэтую эксперыментальнасць калектыву. Але, разам з тым, прасачыць і ўласна саму гісторыю развіцця фолк-рока ў Савецкім Саюзе. Бо гэты напрамак на прасторах той дзяржавы насамрэч пачынаўся з колішніх "Лявонаў", а не з іншых ВІА, што сталі хутка развівацца.

С.М.: - "Карнявой" ідэяй нашага першага альбома была наступная: паказаць, што ўсё вяртаецца, каб зрабіць новы цыкл свайго развіцця. І падвесці некаторыя вынікі, бо з часу /i/content/pi/cult/288/4698/14-2.jpgўзнікнення мулявінскіх "Лявонаў" мінула, як-ніяк, 40 гадоў. Таму ў сваім другім альбоме, што хутка выйдзе, мы не ставім ніякіх стылёвых абмежаванняў. У гэтым сэнсе альбом можна назваць нават крыху эклектычным, але такая эклектыка сёння - адна з тэндэнцый часу. Гэта, калі хочаце, наш чарговы эксперымент - спалучыць пад адной вокладкай самыя розныя кірункі. А яшчэ мы адчувалі, што павінны вярнуць "запазычанні" - іншымі словамі, дарабіць тыя песні, якія калісьці ўзнікалі на шляху нашых папярэднікаў. Так, даўно была задума запісаць песню на вершы Уладзіміра Караткевіча. Зараз яна ажыццявілася. У аснову лірычна-баладнай кампазіцыі Сяргея Осіпава быў пакладзены белы верш паэта "Жанчыне з бэзам" у перакладзе на рускую мову, бо рытміка перакладу лепей спалучалася з музыкай. Калісьці знакаміты Ігар Лучанок спецыяльна для "Лявонаў" стварыў песню "Венера", але тады яна штосьці не запісалася - і мы выпраўляем гэтую сітуацыю.

- Што да эксперыментаў, дык я ўвогуле адразу адзначыла б гэткую "нефарматнасць" Сяргея Осіпава. Гэты музыкант, аўтар многіх кампазіцый, аранжыроўшчык, гукарэжысёр, заўсёды, колькі яго ведаю (а ён працаваў раней з многімі салістамі), імкнецца ў творчасці да новых тэмбравых спалучэнняў, часта стварае гэткую эстрадна-авангардную санарыстыку і нават імпрэсіянізм, выкарыстоўвае тонкія, няўлоўныя "акварэлевыя" інструментальныя фарбы замест плакатнай "гуашы" і, тым больш, балончыкаў для "графіці".

С.М.: - Ягоны "нефармат" мы ператвараем у "фармат" - не ў тым сэнсе, што разбураем яго, ні ў якім разе! Але накіроўваем яго фантазіі ў патрэбнае рэчышча. Апошнім часам ягонай "фішкай" стала выкарыстанне жывога гучання японскай флейты сякухаці. На гэтым інструменце будыйскіх манахаў ён іграе сам. У нас адразу з'явіліся прыхільнікі яшчэ і ў Японіі - вядома, праз Інтэрнэт.

- На маю ж думку, тут самае цікавае тое, як гэты экзатычны інструмент пасуе беларускай старадаўняй культуры, выклікаючы асацыяцыі не толькі з разнастайнымі драўлянымі флейтамі, але і з нашай... жалейкай. Тым самым чырвонай ніткай праз такія кампазіцыі пракладаецца думка аб пэўнай блізкасці ўсіх культур свету на першасным "грунтоўным" узроўні - і іх збліжэнні, уменні разумець адно аднаго ў суча/i/content/pi/cult/288/4698/14-3.jpgснасці. Дарэчы, ці працягваеце вы закладзеныя Уладзімірам Мулявіным традыцыі калектыўнай творчасці? Я маю на ўвазе такую форму апрацоўкі музычнага матэрыялу, калі ў прапанаваную песню кожны робіць свой унёсак, выказвае свае музычныя ідэі.

А.У.: - Творчасць немагчыма падзяліць. Бо любая ідэя патрабуе свайго развіцця, і часта атрымліваецца так, што нечая думка дае штуршок, але яе далейшае разгортванне і, галоўнае, канчатковы вынік вельмі далёка адыходзяць ад першавытоку. Дык хто, у такім выпадку, аўтар ідэі? Так, кожны сам прадумвае свае сола, але ўсё роўна патрабуецца канчатковы "погляд з боку". А галоўнае - каб хтосьці ўзяў на сябе адказнасць пакінуць у канчатковым варыянце менавіта тое, што трэба. І такім "адказным", вядома, становіцца Сяргей. Ён нават самалётам кіраваць умее, а не толькі намі!

- Кажуць, вы і цяпер за штурвал самалёта сядаеце?

А.У.: - Калі не палётае, дык хварэць пачынае.

С.М.: - Сапраўды, па адукацыі я авіяцыйны інжынер, афіцэр запасу. І ў Калінінградзе працягваю вучыцца на пілота малой авіяцыі. Гэта не толькі адрэналін і адчуванне шчасця. У небе пачынаеш мысліць іначай - больш глабальна. І ў музыцы гэта таксама дапамагае. Але што ўсё пра мяне? Вось Алег у нас - мастак па адукацыі.

А.У.: - І мару выпусціць кнігу вершаў: іх ужо даволі назбіралася. Самавыяўленне асобы заўсёды закранае розныя грані- гэта звычайная з'ява, я не нейкі там унікум.

- Гэта дэманстрацыя сціпласці? Ці без лыжкі дзёгцю ў бочцы мёду абысціся не маглі?

А.У.: - Ой, з мёдам у нас увогуле ўсё не так проста складаецца. Запрасілі нас неяк у Сочы, на фестываль мёду, з цэлым цыклам канцэртаў. Паабяцалі, як выступім, падарыць кожнаму па вядру мёду. А нам такія авацыі ўчынілі, са сцэны не адпускалі, што мы ў эйфарыі на тыя вёдры і забыліся. Самі сябе, атрымалася, пакінулі без салодкага.

- Гастролямі вы не абдзелены, у Маскве ледзь не штомесяц выступаеце. Дый сярод бліжэйшых канцэртаў на вашым сайце пазначаны і чарговы сольнік у тамтэйшым Тэатры "Залатое кальцо", і ўдзел у гала-канцэрце "Хітпарад 1980-х", што пройдзе ў новай маскоўскай зале на 8 тысяч гледачоў.

С.М.: - А колькі суайчыннікаў мы сустракаем на такіх выступленнях! Нядаўна пазнаёміліся з прадстаўнікамі Беларускага культурнага цэнтра Краснадарскага края, з тамтэйшым фальклорным калектывам "Дзіва". Думаем зрабіць нейкі сумесны праект.

- А што замежным сябрам у падарунак звычайна везяце?

С.М.: - Хлеб беларускі...